🔶Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і горада Віцебска
🔺Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваім характары амаль не зазнала (утылітарныя, побытавыя вырабы), але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярны ў турыстаў і гасцей з замежжа.
🔺Тэхналогія спіральнага пляцення простая. Са жгутоў саломы ўкладваюць па спіралі круглае альбо авальнае дно, нарошчваюць вышыню і аб’ём сценак. Тэхналогія дазваляе звужаць або пашыраць аб’ём, рабіць круглыя, цыліндрычныя і шарападобныя ёмістасці. Для злучэння жгутоў паміж сабой ўжываюць часцей за ўсё лазовыя стужкі, а таксама карані хвойных парод дрэў, ільняныя альбо канапляныя ніткі.
🔺Сцягваюць віткі паміж сабой лазовай стужкай пры дапамозе качэдыка, альбо іголкі з вялікім вушкам. Гэты этап працэса стварэння вырабу набліжае яго да тэкстыля.
Форма вырабаў, як і тэхніка пляцення, і характар арнамента, – найбольш устойлівыя традыцыйныя элементы мастацтва пляцення, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення. Прыклад зберажэння традыцыйнай тэхнікі пляцення і формаў побытавых вырабаў служаць экспанаты з Гарадка, Браслава – прамавугольныя, цыліндрычныя, авальныя карзінкі, карабы, гарлачы, кузубы. Формы сучасных вырабаў як традыцыйныя, так і новыя.
🔺Багатая калекцыя вырабаў спіральнага пляцення прадстаўлена ў Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў, у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, у ДУ “Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”. Верхнядзвінскія майстры аднаўляюць формы, знойдзеныя на тэрыторыі раёна: каробачкі, талеркі, гарнцы, кубялёчкі з вечкай, севалкі, збаны і іншыя рэчы.
🇧🇾ПОДПИСАТЬСЯ НА КАНАЛ