Калі мы проста былі знаёмыя —
было ўсё проста:
сустракаліся, як давядзецца,
гаварылі, што давядзецца,
так, пра клопат, пра дом, дарогу..
Калі мы проста былі знаёмыя —
мы былі як лісцё вясною:
ні мінулага, ні ўспамінаў,
толькі будучыня
і ўзаемнасць.
Калі мы проста былі знаёмыя —
непатрэбна было нам ведаць,
што збліжэнне, як разбурэнне,
небяспечна і незваротна,
што наноў знаёміцца цяжка,
немагчыма амаль...
Калісьці
мы з табой былі проста знаёмыя.
Усё хутчэй,
усё хутчэй,
адчуўшы волю,
ад парога!..
Так пачынаецца ручай,
так пачынаецца дарога.
Неўладкаваных дзён разлад —
адчай у позірку —
прыесца.
І немагчыма ўжо назад,
і немагчыма ўжо на месцы,
Туды, сабе наперакор,
насустрач вечнаму расстанню,
дзе замыкаецца прастор,
дзе абрываецца хістанне.
Ісці,
мінаць вясновы тлум
і лістападу галашэнне,
ад задумення — да задум,
ад першых спроб —
да завяршэння.
Ў адзіны голас галасы
сальюцца,
вымкнуць галасамі...
Так пачынаюцца лясы,
так пачынаемся мы самі.
Ацяжалелай галавы
ніяк
сцяблінка не падыме.
І прагнуць ліўню паплавы,
нібы цяля
тугога вымя.
А цішыня,
як партызан,
праходзіць чуйна сцежкай вузкай.
І прагнуць неба аблізаць
ракі
парэпаныя вусны.
І сонца
з соснаў баравых
цярэбіць
сонную ігліцу.
...А дзесьці
спеюць бураны,
а дзесьці
спеюць навальніцы.