🙏МАЛІТВА ЗА ЎСІХ НАШЫХ НЕСПРАВЯДЛІВА ЗНЯВОЛЕНЫХ СЁСТРАЎ І БРАТОЎ🙏
Сёння, 21 траўня, у Дзень беларускага палітвязня, Беларуская парафія Дабравешчання запрашае памаліцца за ўсіх нашых несправядліва зняволеных сёстраў і братоў i за іх найхутчэйшае вызваленне!
Малітва адбудзецца пасля мітынгу а 20.00 па адрасу Bokšto gatvė 4.
Сёліта Дзень палітвязня супадае з вялікім хрысціянскім святам Узнясення.
Гасподзь Іісус узносіць на прастол Божай Славы нашу чалавечую прыроду, узвышае яе над Нябёсамі Нябёсаў.
Менавіта гэтая падзея ёсць асновай хрысціянскага гуманізму - нельга забіваць, прыніжаць і зневажаць тое, што прынята і ўзнесена Богам!
Таму малітва за нашых палітвязняў у гэты дзень найбольш дарэчная і патрэбная.
Запрашаем далучыцца да супольнай малітвы каб адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам звярнуцца да Нябеснага Айца затых, хто яшчэ за кратамі!
🗓️ Чацвер 21 траўня
🕐 20:00
📍 Праваслаўная царква Канстанцінопальскага патрыярхату (Bokšto g. 4)
Чаму менавіта 21 траўня абраны Днём палітвязняў у Беларусі?
Менавіта ў гэты дзень у шклоўскай калоніі № 17 у 2021 годзе загінуў палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак — мужны актывіст, асуджаны да 5 гадоў за ўдзел у мірных пратэстах. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак яго сваякі сцвярджалі: да зняволення праблем са здароўем у Вітольда не было. Справу па факту смерці не завялі да гэтага часу.
Палітвязень Уладзімір Гарох, якога вызвалілі і выдварылі з краіны 13 снежня 2025 года, расказаў новыя падрабязнасці пра смерць Ашурка. Палітвязень быў у суседняй камеры ШІЗА шклоўскай калоніі, калі паміраў Вітольд.
«Я запомніў тры чорныя даты. 19 мая я чуў, як да яго звярталіся: "Недаразвіты". 20‑га чысла я чуў гукі, нібыта яму прычынялі боль, ён толькі казаў: "Ну што вы, што вы…". А 21 мая ў абед кантралёр клікаў яго атрымліваць ежу, але Вітольд ужо не адгукаўся. Потым набегла куча мянтоў, уключылі радыё на ўсю моц, нешта крычалі пра "мора крыві"».